Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Мэта і задачы. Гісторыя і традыцыі

Мэта:

 

Аптымізацыя ўмоў для фарміравання ў навучэнцаў магчымасцей да паспяховай сацыялізацыі.

Задачы:

• Працягнуць удасканаленне прафесійнага ўзроўня педагогаў для забеспячэння якасці асноўнай адукацыі і дадатковых адукацыйных паслуг.

  Кансалідаваць намаганні ўсіх удзельнікаў педагагічнага працэсу па стварэнні аптымальнай мадэлі фарміравання ў вучняў магчымасцей да паспяховай сацыялізацыі.

• Садзейнічаць усведамленню  вучнямі сутнасці грамадзянскасці і патрыятызма, прывіццё павагі да гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа праз выкарыстанне выхаваўчай і ідэалагічнай прасторы Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя і традыцыі

З ГІСТОРЫІ ПАЛАНЕЦКАЙ СЯРЭДНЯЙ ШКОЛЫ

        Да 1938 года дзеці вёскі Паланечка вучыліся па хатах. Адна са школак была размешчана ў хаце Шчукіна, другая ў Кузьміча Уладзіміра. Дзетак вучылі на польскай мове, урокаў роднай мовы ў школе не было.

      У 1938 годзе ў Паланечцы бала пабудавана драўляная школа. Яна была вельмі прыгожая, на высокай падмуроўцы. Дырэктарам гэтай школы быў пан Выдрыцкі. Навучанне вялося на польскай мове, урокаў беларускай мовы і літаратуры ўвогуле не было. Планавалася будаўніцтва яшчэ аднаго будынка школы, бо ўсіх жадаючых вучыцца цяжка было ўмясціць у пабудаваным будынку. У 1943 годзе партызаны школу спалілі.

    На пачатку вайны ў 1941 годзе у палацы князёў Радзівілаў немцы адкрылі школу для дзяцей. Узначальваў яе Анічэнка Васіль Васільевіч, які пазней стаў сувязным у партызанскім атрадзе. Ён быў халасцяк, не меў зямлі, жыў адзін. Вучні вельмі любілі дырэктара, спагадалі яму і вельмі часта прыносілі з дому прадукты, хто што мог. Сам дырэктар купіць што-небудзь з яды не мог, паколькі магазіна ў вёсцы не было.

         Дырэктар выкладаў беларускую мову, любіў свой прадмет і захапляў ім вучняў. Выкладанне іншых прадметаў вялося таксама на роднай мове. Карысталіся тымі самымі падручнікамі, што і да вайны. Аднак  старонкі кніг, дзе размяшчаліся партрэты Леніна і Сталіна, загадалі вырваць. Частка вучняў не выканала загад.

У пачатковых класах працаваў настаўнік Агапкін. З першага дня заняткаў ў школе выкладалася нямецкая мова: кожны дзень па адной гадзіне ў кожным класе, а ў чацвер - дзве. Выкладала нямецкую мову дваццаціпяцігадовая Н. Клімец. Яна была самай маладой і вельмі прыгожай. ( Пасля вайны яна была асуджана на 25 гадоў заняволення). Матэматыку выкладаў настаўнік Хаўхуновіч, а гісторыю – Сенкевіч(па звестках вяскоўцаў настаўнікаў расстралялі ў Калдычэўскім лагеры смерці). Вучняў у школе было многа. Усім вельмі ж хацелася вучыцца. У 1943 годзе школа была спалена. Частка вучняў працягвала вучыцца ў Вольна, частка вучылася па хатах в. Паланечка, а астатнія не вучыліся ўвогуле.

Два драўляныя будынкі школы (вясковыя хаты) былі ў цэнтры в. Паланечка. Тут у 1943 годзе была адкрыта Паланецкая няпоўная школа.У адным будынку вучыліся дзеці з першага па чацвёрты клас, у другім будынку вучыліся вучні з пятага класа па 7 клас. Няпоўная базавая адукацыя тады складалася з сямі класаў. Дырэктарам спачатку працаваў Пікуза, а потым Кабарыха Канстанцін Львовіч.

         На сабраных з вясковых хат лаўках, розных па памерах, за сталамі сядзелі розныя па ўзросту вучні. Не было сшыткаў, пісалі на газетах, картоне, не хапала падручнікаў. Часцей пісалі канспекты за настаўнікам. У вольны час дапамагалі адбудоўваць палац, які павінен быў ператварыцца ў школу(гэта было ўжо пасля вайны).

У 1949 годзе гасцінна адчыніла свае дзверы адбудаваная школа. Як сярэдняя, Паланецкая школа была арганізавана на базе Паланецкай васьмігадовай і былой Чэрніхаўскай сярэдняй школы.У будынку было прыстасавана дзесяць пакояў пад класы, па аднаму пад майстэрню, актавую залу, бібліятэку, настаўніцкую, кабінет дырэктара, канцылярыю і пад хімлабараторыю. Школа працавала ў дзве змены, у трэцюю змену працавала школа рабочай моладзі. У школе выкладала ад 36 да 40 настаўнікаў . Сярод іх Собалеў П.С., Пышная Е. І., Пышны М.А., Ліннін Н.І., Цітовіч Н.І., Болабава А.Д., Гавіна А.Т., Ермаловіч В.І., Карыцкая М.А.,Самадумкіна М.І., Станік І.А. і іншыя.

Вучыцца у такой школе было вельмі прыемна. Светлая, прасторная, цёплая. Вучыцца хацелася ўсім. Сярод вучняў былі пераросткі, але ніхто не смяяўся з іх. У многіх школьнікаў бацькі загінулі на фронце. І вучні шкадавалі сваіх аднакласнікаў. На перапынках заводзілі размову пра вайну, але гэтыя размовы толькі вярэдзілі душу і балюча адгукаліся ў сэрцы. У многіх рабят жыла надзея, што бацька вернецца, бо ў спісках загіінуўшых ён не значыўся. Асабліва вясной многія прапускалі заняткі ў школе, бо трэба было араць і сеяць, дапамагаць адзінокай матулі. Нялёгка было тады ўсім. Аднак ішлі наперад. Галоўнае, што можна было спакойна спаць, гуляць, што вайна скончылася, што наступіў мір. Аднак жыццё для ўсіх было складаным і цяжкім. За вучобу прыходзілася плаціць. Сумы па цяперашніх мерках невялікія, але ў тыя гады, калі арганізоўваліся калгасы, дзяржаўны заём, у тым ліку і ад вучняў. – усё гэта было складана і цяжка. Вучні ў асноўным – выхадцы з бедных сялян, у многіх не было бацькоў, якія загінулі на франтах. Бездараж, суровыя зімы, аднак з усіх навакольных вёсак – Вольна, Рабковічы,Савічы, Задвея, Рэпічы, Ішкалдзь, Петкавічы, Мядзвядка, Жухавічы, Хлюпічы, Юравічы- цягнуліся са сваімі “торбамі” ў школу.

Першым дырэктарам школы, якая размясцілася ў палацы князёў Радзівілаў, быў Ліннік Іван Ігнацьевіч 1939, завучам Іванчанкава Марыя Якаўлеўна. У школе была моцная камсамольская арганізацыя, вялікая ўвага надзявалася мастацкай самадзейнасці і фізкультуры. Школа актыўна дапамагала калгасу ва ўборачны перыяд, асабліва вучні старэйшых класаў. У школе сталі працаваць гурткі : геаграфічны, якім кіравала Болабава Ганна Дзмітрыеўна, фізічны, якім кіраваў настаўнік фізікі Паўлючэнка Іван Іванавіч, які са сваімі вучнямі вывучаў работу кінаапарата “Україна-2” .

Першы выпуск адбыўся ў 1950 годзе. 25 выпускнікоў атрымалі атэстат сталасці.

Другім дырэктарам школы быў Бухман Леў Барысавіч, які працаваў у школе са студзеня 1953 года па 25 снежня 1955 года. Завучам школы працаваў настаўнік матэматыкі Вінаградаў Сцяпан Т. Школа папаўняецца новымі настаўнікамі. У школу прыходзіць працаваць настаўнікам біялогіі Грабёнка Уладзімір Іосіфавіч, настаўніцай фізікі Булыга Ганна Якаўлеўна, Рыбалтоўскі Казімір Пятровіч – настаўнік фізічнай культуры. З 1956 па 1975 год дырэктарам школы працуе ў далейшым заслужаны настаўнік БССР, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху, былы дырэктар Карчоўскай васьмігадовай школы Белік Сямён Арцёмавіч, завучам стала працаваць Анціховіч Людміла Рыгораўна.

         Паралельна з Паланецкай сярэдняй школай працавала пачатковая школа ў в. Рэпічы, дзе працаваў дырэктарам і настаўнікам Валынец Антон Канстанцінаіч, пачатковая школа ў в. Шчарбавічы, дзе дырэктарам і першым настаўнікам працаваў Саладуха Уладзімір Іосіфавіч, пачатковая школа ў в. Серамовічы. Выпускнікі пачатковай школы працягвалі вучобу ў Паланецкай сярэдняй школе. З 1975 па 1978 год дырэктарам школы назначаны Разумовіч Уладзімір Мікалаевіч, завучам школы Гомза Мікалай Уладзіміравіч. На той час ў школе налічвалася 476 вучняў, працавала 37 настаўнікаў. Школа працавала ў дзве змены.

           З 1978 года па 1979 год дырэктарам працаваў Петушкоў Анатоль Уладзіміравіч.

         З 1979 года па 1987 год пасаду дырэктара займаў Гомза Мікалай Уладзіміравіч, завучам школы была назначана Вяленка Яніна Казіміраўна.

           З 1987 па 1988 год выконвала абавязкі дырэктара школы Вяленка Яніна Казіміраўна.

           З 1988 па 2010 года дырэктарам школы працаваў Дабрыян Міхаіл Васільевіч.

       З 2010 года дырэктарам школы працуе Ананчык Галіна Уладзіміраўна, завучам школы працуе Іўко Алена Мікалаеўна.

Раздзелы сайта